Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
    Інтэрнэт-банкінг
    Час працы Кантакт-цэнтра банка
    • Пн
    • Аў
    • Ср
    • Чц
    • Пт
    • Сб
    • Нд
                                           8:00 - 20:00
    Дадатковыя нумары:

    Фінал Стартап-марафона Белаграпрамбанка прайшоў у рамках Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Маскве

    28.11.2023

    Белаграпрамбанк у рамках Беларускага інвестыцыйнага форуму, які праходзіў 23 лістапада ў Маскве, падвёў вынікі 2 сезона Конкурснай праграмы "Стартап-марафон". З 20-ці фіналістаў экспертнае журы выбрала 5 пераможцаў - перспектыўныя праекты з гатовым прадуктам і першымі продажамі. Кожны з іх стаў уладальнікам грашовага гранта ад Белаграпрамбанка ў памеры 18500 беларускіх рублёў!

    Рэспубліканскі конкурс "Стартап-марафон" праводзіўся Белаграпрамбанкам пры падтрымцы Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Беларускага інавацыйнага фонду, Асацыяцыі бізнес-трэкераў Беларусі і прадстаўнікоў бізнес-супольнасці другі раз. Асноўная задача, якую ставілі перад сабой арганізатары, - садзейнічанне развіццю і прасоўванню малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, пошук інавацыйных праектаў і бізнес-ідэй, якія здольныя ва ўмовах новай рэальнасці прынесці карысць грамадству і ўнесці істотны ўклад у эканамічнае развіццё краіны.


     
    Фінал Стартап-марафона Белаграпрамбанка адбыўся ў Маскве ў рамках Беларускага інвестыцыйнага форуму (23.11.2023, Прэзідэнт-гатэль)

    Як і ў мінулым годзе, Стартап-марафон Белаграпрамбанка стаў сапраўды яркай падзеяй у жыцці многіх стартапаў! Конкурс стартаваў 1 сакавіка і ладзіўся на працягу 9 месяцаў бягучага года. За гэты час больш за 100 стартапаў, якія зарэгістраваліся на конкурс і адабраных кампетэнтным журы, прайшлі два асноўныя этапы: адукацыйны і акселерацыйны. У фінал Конкурснай праграмы - этап публічнай абароны бізнес-праектаў (Demo Day) - былі адабраны 20 праектаў у наступных намінацыях: AgroTech, Fintech, TechNet, MedTech, Creative. Акрамя таго, усе бізнес-праекты, кіраўніком якіх з'яўляецца жанчына, незалежна ад асноўнай намінацыі, удзельнічалі ў асобнай спецыяльнай намінацыі "Лепшы жаночы стартап". Асобную намінацыю "Тэхналагічны прарыў" і каштоўны прыз для пераможцы падрыхтаваў партнёр конкурснай праграмы "Стартап-марафон" - кампанія "ЛВА".

    З радасцю абвяшчаем імёны пераможцаў другога Рэспубліканскага конкурсу "Стартап-марафон" Белаграпрамбанка!

    Пераможца Стартап-марафона ў намінацыі TechNet - праект "DD Company: Інавацыйныя электрычныя ацяпляльныя сістэмы".

    Пераможца Стартап-марафона ў намінацыі MedTech - праект "МедСтандартПраект", сістэма па стандартызацыі працоўных працэсаў у ахове здароўя і аўтаматызацыі працы па клінічных пратаколах.

    Пераможца Стартап-марафона ў намінацыі Creativе - праект Neaktor, сістэма кіравання бізнес-працэсамі ў воблаку SaaS і ў каробцы Box Enterprise.

    Пераможца Стартап-марафона ў намінацыі AgroTech - праект "Лічбавы аграном", лічбавы асістэнт на базе штучнага інтэлекту для спецыялістаў з галіны сельскай гаспадаркі.

    Пераможца Стартап-марафона ў намінацыі FinTech – праект «Геніяльнае дзіця», метасусвет і маркетплейс на аснове блокчэйн для стварэння ўнікальных калекцый дзіцячага малюнка.

    Пераможца Стартап-марафона ў дадатковай намінацыі "Лепшы жаночы стартап" - праект "МедСтандартПраект" і яго кіраўнік Надзея Свянтухоўская.

    Пераможца Стартап-марафона ў спецыяльнай намінацыі "Тэхналагічны прарыў" - праект "Plug Carbon", які рэалізуе тэхналогію ў сферы рэгенератыўнай сельскай гаспадаркі.


    Пераможцаў Стартап-марафона Белаграпрамбанка вызначалі ў пяці асноўных і адной дадатковай намінацыях

    У склад экспертнага савета Рэспубліканскай конкурснай праграмы Белаграпрамбанка "Стартап-марафон", удзельнікі якога ацэньвалі бізнес-праекты ў фінале конкурсу, увайшлі: Ірына Пунтус, дырэктар па інвестыцыях Расійска-беларускага фонду венчурных інвестыцый RBF Ventures (Беларусь); Арцём Міронаў, генеральны дырэктар ТАА "Экабаксервіс", рэзідэнт Інвестыцыйнага клуба "Дэкра", інвестар (Расія); Наталля Старасціна, заснавальнік hop_agency, генеральны партнёр венчурнай студыі udtx.vc, удзельнік кансультатыўнай рады Школы стартапаў «Сколкава» (Расія); Алена Шарыпава, кіраўнік акселератара «Школа стартапаў «Сколкава» (Расія); Аляксей Новікаў, загадчык аддзела лічбавага развіцця аховы здароўя, намеснік начальніка офіса цыфравізацыі ДУ "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя" (Беларусь); Уладзіслаў Панцюхін, галоўны аналітык Цэнтра фінансавых тэхналогій ПАТ "Рассельгасбанк" (Расія); Анастасія Шчадрова, намеснік кіраўніка праекта ТАА "ЛВА" (Беларусь).

    Фінал Стартап-марафона прайшоў у Вялікай Пятроўскай канферэнц-зале Прэзідэнт-гатэля г.Масквы

    Наталля Старасціна, удзельнік экспертнай рады конкурсу, адзначыла, што падобныя мерапрыемствы вельмі важныя для пачаткоўцаў стартапаў, бо даюць магчымасць убачыць сябе і свой праект з боку, ацаніць свае магчымасці і знайсці інвестараў. Алена Шарыпава, кіраўнік акселератара «Школа стартапаў «Сколкава», падкрэсліла важнасць правядзення акселерацыйных праграм і ўдзел у іх стартап-каманд, адзначыўшы зацікаўленасць асобнымі праектамі, якія ўдзельнічаюць у Стартап-марафоне. «Прайсці ў фінал конкурсу - гэта ўжо вялікая перамога. Бо атрыманы досвед, наладжаныя кантакты і сувязі адыгрываюць важную ролю ў развіцці праектаў. Камунікацыя з экспертамі і зваротная сувязь дапамогуць зэканоміць намаганні і дакладна сфакусаваць мэту. Мы цэнім усе стартапы, таму што гэта людзі, якія ўкладаюць сябе ў свае праекты», - адзначылі прадстаўнікі «Сколкава».

    На кожным этапе Стартап-марафона, аж да фіналу, прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў суправаджалі прафесійныя бізнес-кансультанты, ментары, эксперты з розных сфер дзейнасці, у тым ліку эксперты банка. Яны дапамагалі стартапам у развіцці ідэй, удасканаленні бізнес-планаў, у вырашэнні фінансавых, маркетынгавых, юрыдычных, падатковых і іншых пытанняў.

    Пра тое, якія кампетэнцыі атрымалі за час праекта стартапы, бадай, найлепш раскажуць самі ўдзельнікі марафону. Дзелімся ўражаннямі некаторых з іх.

    Прэзентацыя праекта "Геніяльнае дзіця" - пераможца Стартап-марафона ў намінацыі FinTech

    Павел Пялевін і Аляксандр Шынкевіч, аўтары праекта «Геніяльнае дзіця» - першай студыі дзіцячага абстрактнага малюнка з маркетплейсам і метасусвету, распавялі, што за час правядзення конкурсу ўдалося дасягнуць шмат чаго: «Мы перагледзелі нашу бізнэс-мадэль, перапрацавалі цалкам варонку продажаў, што дазволіла даць праекту канкурэнтныя перавагі, знізіць кошт на прадукт і на прыцягненне кліентаў. Дзякуючы працы з трэкерамі мы перагледзелі прыярытэты росту і скарэктавалі нашу пяцігадовую стратэгію».

    Аўтары праекта выказалі вялікую падзяку Белаграпрамбанку, які дапамог арганізаваць у рамках правядзення Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Маскве выставу дзіцячых работ і данесці думку аб тым, што дзіцячая творчасць уяўляе сабой не меншую каштоўнасць, чым творчасць дарослых людзей. Прыемна, што праектам "Геніяльнае дзіця" зацікавіліся наведвальнікі форуму і выказалі гатоўнасць супрацоўнічаць са стартапам.

    Аўтар праекта "Методыка адаптыўнай кіслароднай тэрапіі OxyBox", кандыдат тэхнічных навук Алег Зельманскі распавёў аб сваім ноў-хаў, ідэя якога заключаецца ў аўтаматычным падборы і карэкціроўцы кіслароднай тэрапіі для кожнага пацыента індывідуальна без удзелу ўрача. Апарат з канцэнтратарам кіслароду можа прымяняцца як ва ўстановах аховы здароўя, так і ў хатніх умовах.

    Сваю распрацоўку аўтар прадэманстраваў на конкурсе ў Маскве, расказаўшы, як рухаўся бізнес-праект на працягу дзевяці месяцаў: «Наш праект мае незвычайны фармат для Стартап-марафона, бо больш ставіцца да галіны навуковых распрацовак. І былі вялікія сумневы, ці атрымаецца нешта зрабіць за такі кароткі тэрмін. Як паказала практыка, у нас шмат атрымалася: удалося вывучыць эканамічны складнік праекта, разам з пульманолагамі стварыць доследны ўзор, атрымаць зваротную сувязь ад урачоў. Мы дамовіліся з вытворцамі медтэхнікі аб кантрактах на вытворчасць медыцынскага выраба ў Расіі. Гэта значыць, мы атрымалі вынікі дастаткова аптымістычныя, а ўсё гэта стала магчымым дзякуючы Белаграпрамбанку, рабоце з бізнес-трэкерамі і экспертамі Стартап-марафона. Мы спадзяемся, што на гэтым праект не спыніцца і будзе разьвівацца».


     
    Выступ фіналіста Стартап-марафона - аўтара праекта «Электрычныя інавацыйныя ацяпляльныя сістэмы Дзмітрыя Аксюціка

    Фіналісты Стартап-марафона Вікторыя Якубюк і Дзмітрый Аксюцік, (кампанія DDcompany) прадставілі на суд экспертнага журы ў Маскве праект "Электрычныя інавацыйныя ацяпляльныя сістэмы", у якім зроблены асноўны ўпор на комплекснае ацяпленне памяшканняў на аснове бікарбонавага вугляроднага валакна. Праект прадугледжвае таксама вытворчасць разумных цяпліц, цёплага адзення, гібрыдных батарэй і іншага абсталявання для генерацыі цяпла. Фаўндэры праекта расказалі, што за час удзелу ў Стартап-марафоне Белаграпрамбанка ім удалося "навесці парадак" у бізнес-стратэгіі. «Вельмі шмат карыснага даў трэкінг. На занятках з трэкерамі мы задавалі шмат пытанняў, і на ўсе пытанні нам адказвалі прафесійныя бізнес-кансультанты. Намі пад кіраўніцтвам настаўнікаў было вывучана вельмі шмат матэрыялаў па пабудове бізнэсу, фінансаваму ўліку. Вельмі важным аказалася развіццё самадысцыпліны. Калі ты малады, гарыш ідэяй і гатовы ўбіраць любую методыку і кідацца рэалізоўваць яе, вельмі важная менавіта дысцыпліна. Зносіны з экспертамі нам вельмі дапамаглі структураваць нашы дзеянні ў праекце», – падзяліліся аўтары праекту.

    Безумоўна, ніводны праект удзельнікаў Стартап-марафона не адбыўся б без удзелу і дасведчанага настаўніцтва прафесійных бізнэс-трэкераў. На працягу ўсіх дзевяці месяцаў з фаўндэрамі стартапаў працавалі прадстаўнікі Асацыяцыі бізнес-трэкераў Беларусі. Бізнэс-трэкер Наталля Цемчанка пракаментавала працэс працы са стартапамі ў рамках Стартап-марафона Белаграпрамбанка: «У трэкераў ёсць пэўная метадалогія, па якой яны працуюць. Мы ставілі задачы стартапам у рамках адукацыйнага і акселерацыйнага этапа, і рабілі ўсё, каб дасягнуць фінансавых паказчыкаў. Гэта значыць, трэкер працуе не столькі з псіхалогіяй праекта, хоць і гэта таксама безумоўная частка нашай дзейнасці, колькі з метрыкамі. І тут кожная наша сустрэча - гэта вяртанне да таго, куды ідзем і што прынясе максімальны эфект для дасягнення бізнес-паказчыкаў, да якіх мы імкнемся. Акрамя таго, мы праводзілі і групавыя заняткі, дзе збіралі ўсіх фаўдэраў стартапаў разам і раскрывалі неабходныя для іх тэмы па самых розных кірунках. Безумоўна, заўсёды падбадзёрвалі сваіх падапечных і падтрымлівалі каманду незалежна ад атрыманага выніку».

    Пляцоўка Беларускага інвестыцыйнага форуму ў Маскве была выбрана для правядзення фіналу конкурсу не выпадкова - для экспертнай ацэнкі праектаў фіналістаў Стартап-марафона былі запрошаны прадстаўнікі бізнес-супольнасці, венчурных фондаў Расіі, вопытныя інвестары і вядомыя ментары. Стартапы, якія бралі ўдзел у Стартап-марафоне Белаграпрамбанка, не толькі змаглі палепшыць свае навыкі прадпрымальніцтва, але і атрымалі цудоўны шанц знайсці падтрымку замежных інвестараў і вопытных экспертаў.

    Падагульняючы Рэспубліканскі конкурс "Стартап-марафон" Белаграпрамбанка, начальнік Упраўлення развіцця экасістэмы ААТ "Белаграпрамбанк", старшыня арганізацыйнага камітэта конкурсу Дзмітрый Прымак у сваім звароце да ўсіх фіналістаў выказаў словы падзякі за ўдзел і адзначыў: "У нашых канкурсантаў былі час і магчымасці - яны імі скарысталіся, прайшлі навучальны і акселерацыйны этапы марафону, дайшлі да фіналу з магчымасцю атрымаць грантавыя сродкі. Яны значна павысілі свой базавы ўзровень і палепшылі свае сцэнары для таго, каб адбыліся першыя пасяўныя інвестыцыі ў праекты. Безумоўна, усе стартапы ўжо на шляху да актыўнага развіцця і росту. Наймацнейшыя атрымалі грашовыя гранты ад Белаграпрамбанка - фінансавую падтрымку для прасоўвання і развіцця. Жадаем усім поспехаў і руху наперад!».

    Поўнасцю салідарная з меркаваннем прадстаўніка Белаграпрамбанка таксама Ірына Пунтус, дырэктар па інвестыцыях Расійска-беларускага фонду венчурных інвестыцый RBF Ventures. Яна адзначыла, што прадстаўленыя ў фінале Стартап-марафона беларускія стартап-праекты маюць добры бэкграўнд, каманды, экспертызу і вартыя выходзіць на сусветны рынак. Прадстаўнік фонду высока ацаніла дзейнасць Белаграпрамбанка ў напрамку развіцця стартап-руху і існуючай інфраструктуры падтрымкі інавацый у краіне.

    Яшчэ раз нагадаем, што ў рэспубліканскім конкурсе "Стартап-марафон" Белаграпрамбанка ў 2023 годзе прынялі ўдзел больш за 100 інавацыйных стартапаў з усёй Беларусі, якія на працягу 9-ці месяцаў працавалі над сваімі праектамі з вопытнымі экспертамі і прафесійнымі бізнес-кансультантамі. Вынік марафону - стварэнне новых юрыдычных асоб, распрацоўка прататыпаў інавацыйных прадуктаў, вывад паслуг і сэрвісаў праектаў на новыя рынкі, выгадныя прапановы для інвестараў, новыя веды, вопыт, знаёмствы, яркія перспектывы.

    Мы выкарыстоўваем Cookie

    Для збору інфармацыі з мэтай паляпшэння працы сайта выкарыстоўваюцца файлы cookie. Вы можаце прыняць або адмовіцца ад выкарыстання кукі-файлаў або наладзіць іх. Націснуўшы «Прыняць усё», Вы даяце згоду на апрацоўку файлаў cookie у адпаведнасці з Палітыкай у адносінах да апрацоўкі файлаў cookie у ААТ «Белаграпрамбанк».

    Наладзіць